Сяргей Чыгрын
(Сяргей Мікалаевіч Чыгрын )
1958
Беларускі паэт, краязнавец, гісторык,
літаратуразнавец, перакладчык, журналіст
Сяргей Мікалаевіч Чыгрын нарадзіўся 24 верасня 1958 года ў вёсцы Хадзявічы Слонімскага раёна ў сялянскай сям’і. У 1974 годзе закончыў Хадзявіцкую няпоўную сярэднюю школу, а ў 1977 годзе – тэатральнае аддзяленне Магілёўскага культасветвучылішча. Служыў у войску. У 1985 годзе скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў настаўнікам. Зараз працуе загадчыкам літаратурнай часткі Слонімскага беларускага драматычнага тэатра. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў, Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Творчы літаратурны шлях Сяргея Чыгрына пачаўся з 1975 года, калі ў часопісе “Бярозка” быў надрукаваны яго верш “Свеціць сонейка”.
Сяргей Чыгрын – аўтар зборнікаў паэзіі “Шчырая Шчара” (1993), “Горад без цябе” (1999), “Лірыка” (2007), “Камень Міндоўга” (2009); шматлікіх гісторыка-краязнаўчых кніг і літаратуразнаўчых артыкулаў: “Янка Купала і Слонімшчына” (1993), “Родам са Слонімшчыны” (2003), “Пакліканыя на родны парог” (2005), “Чамяры і чамяроўцы” (2006), “У пошуках слонімскіх скарбаў” (2007), “Тэатр у Слоніме” (2008), “Альбярцін” (2011), “Па слядах Купалы і Коласа” (2012), “Такі іх лёс” (2012), “Слонімскія падмуркі” (2012), “Сярод сваіх людзей” (2012), “Іншых шляхоў не было” (2013), “Легенды і паданні Слонімшчыны” (2013). “Слонімскі буквар” (2013), “Гісторыя Слоніма на старых фотаздымках і паштоўках (1900-1950)” (2014), “125 пытанняў і адказаў з гісторыі Слонімшчыны” (2015).
У 2016 годзе выйшаў з друку зборнік вершаў беларускіх паэтаў пра Слонім і яе ваколіцы пад назвай “Слонімскія настроі” (укладальнік С. Чыгрын).
Цікавіць Сяргея Чыгрына і лёс нашых суседзяў з Зэльвы (“Краязнаўчымі сцяжынкамі Зэльвеншчыны” (2013)), з Дзятлаўшчыны “На радзіме Ігната Дварчаніна” (2016), і жыццё знакамітых беларусаў Беласточчыны (“Беларуская Беласточчыны” (2008), “З беластоцкай зямлі” (2008)).
Сяргей Чыгрын даследаваў жыццёвы і творчы шлях Язэпа Стаброўскага, Тодара Лебяды, Сяргея Хмары, Яна Пятроўскага, Міколы Шкялёнка, Гальяша Леўчыка і іншых дзечаў беларускай літаратуры, гісторыі і культуры.
Да юбілейных дат слонімскіх пісьменнікаў, дзякуючы намаганням Сяргея Чыгрына, свет пабачылі кнігі Анатоля Іверса “Аўсяныя росы” (2011), “З глыбінь жыцця” (2012), “Жыццё і творчасць Анатоля Іверса” (2012), кніга твораў Сяргея Хмары “Рабінавы хмель” (2009), паэтычны зборнік Алеся Сучка “Захацелася шчасця” (2012), кніга Кандрата Лейкі “Пан Трудоўскі” (2015).
Мастаку Антону Карніцкаму і кампазітару Антону Валынчыку краязнавец прысвяціў кнігі “Мастак Антон Карніцкі” і “Жыў роднай песняй”.
Сяргей Мікалаевіч уклаў і выдаў у Беластоку літаратурную спадчыну С. Грынкевіча, Ф. Грышкевіча, У. Казлоўшчыка („Вяртанне да сваіх”, 1999), гістарычныя нарысы М. Шкялёнка („Беларусь і суседзі”, 2003).
Сяргей Чыгрын выступае ў беларускім і замежным друку не толькі як паэт, краязнавец і літаратуразнавец, але і як перакладчык. На беларускую мову ён пераклаў вершы французкіх (Поля Элюара, Луізы Мішэль, Эжэна Пацье, Поля Верлена), украінскіх паэтаў (Рыгора Елішэвіча, Валерыя Бойчанкі, Любові Пшанічнай і інш.), п’есы многіх драматургаў (А. Хайта, К. Манье, Э. Успенскага, К. Гальдоні, А. Астроўскага, С. Міхалкова, С. Пракоф’евай, Н. Абрамцавай, Г. Лабакіна, К. Папова і інш.).