Алесь Сучок (Пётр Навумавіч Дабрыян) 1916-1993
Беларускі паэт
У гады Першай сусветнай вайны сям’я Дабрыянаў з вёскі Какошчыцы падалася ў бежанства далёка на ўсход ад Беларусі. Там, на чужыне, у пасёлку Ахматава Алатырскага раёна Чувашыі 7 кастрычніка 1916 года нарадзіўся будучы паэт Пётр Навумавіч Дабрыян.
Бацька Навум Васільевіч працаваў млынаром, але ў 1918 годзе памёр на чужыне. Маці Юстына Мікалаеўна з трыма дзецьмі ў 1922 годзе вярнулася на радзіму ў вёску Какошчыцы Слонімскага раёна.
У 1926 годзе Пётр Дабрыян пайшоў вучыцца ў польскую пачатковую школу ў вёсцы Мяльканавічы. У 1932 годзе скончыў 5 класаў. Па прычыне складаных матэрыяльных умоў вучыцца далей не было магчымасці, і падлетак застаўся працаваць на гаспадарцы.
Юнак актыўна ўключыўся ў падпольную рэвалюцыйную барацьбу за незалежнасць Заходняй Беларусі ад Польшчы, за родную мову, за што быў неаднаразова арыштаваны. Адбыў 4 гады турэмнага зняволення ў турмах Слоніма і Беластоку (1935-1937гг.).
27 красавіка 1939 г. быў арыштаваны і высланы ў канцлагер Картуз-Бяроза, адкуль у верасні 1939 г. быў вызвалены Чырвонай Арміяй.
Будучы на волі ці ў турме, Пётр Навумавіч актыўна займаўся паэтычнай творчасцю. Вершы адсылаў у Вільню пад псеўданімам “Алесь Сучок”.
У 1938 годзе віленскі часопіс “Шлях моладзі” змясціў яго першы верш “Я бачыў”. Праз год на старонках гэтага ж перыядычнага выдання былі надрукаваны новыя вершы Алеся Сучка:
“Зіма”, “Мне ахвота”, “Вясна, вясна, прыйдзі хутчэй”.
У простай і непасрэднай форме, выкарыстоўваючы традыцыйныя вобразы вясны, сонца, вольнай птушкі, паэт услаўляў свабоду. Ён пісаў пра жыццё вясковага бедняка, пра сялянскага хлопца-бунтара, які сядзіць у турме. Герой твораў заходнебеларускага паэта быў моцны і рашучы чалавек, які верыў у сілы народа:
Мы здабудзем перамогу,
Бо за намі ўвесь народ.
Падымайма ўжо трывогу,
Смела пойдзем у паход.
Пасля вызвалення з Картуз-Бярозы Пётр Дабрыян працаваў літработнікам у слонімскай раённай газеце “Вольная праца”.
У гады Вялікай Айчыннай вайны Алесь Сучок з 1942 года ўдзельнічаў у падпольным антыфашысцкім руху, быў сакратаром падпольнай антыфашысцкай арганізацыі Какошчыцкага падраёна. З красавіка 1944 года ваяваў у партызанскім атрадзе імя Дзяржынскага брыгады імя Ракасоўскага, быў літработнікам падпольнай газеты “Вольная праца”.
Восенню 1944 года Пётр Дабрыян быў прызваны на фронт. Служыў у кавалерыйскім палку, дывізіёне баявога забеспячэння кавалерыйскай школы. Дэмабілізаваны ў пачатку мая 1946 года.
За мужнасць, праяўленую ў гады Вялікай Айчыннай вайны, Алесь Сучок узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, баявымі медалямі.
У пасляваенны час жыў у Азярніцы. Працаваў загадчыкам вясковага Азярніцкага клуба (1948-1950), старшынёй Азярніцкага сельскага савета (1950-1953), інструктарам Слонімскага РК КПБ (1953-1955). Перад пенсіяй працаваў у калгасе, на чыгуначнай станцыі “Азярніца”.
Пётр Навумавіч Дабрыян быў жыццярадасным і актыўным чалавекам. Ён паспяваў усюды: пісаў вершы, удзельнічаў у тэматычных і літаратурных вечарынах, паседжаннях раённага літаб’яднання, сустракаўся з вучнямі і настаўнікамі.
Пры рабоце з моладдзю Пётр Навумавіч надаваў вялікую ўвагу выхаванню ў падрастаючага пакалення любові да роднай зямлі, да спадчыны, за што ў 1972 г. быў узнагароджаны Граматай Вярхоўнага Савета БССР.
У вольны час пісаў вершы, дасылаў свае творы пра вясковае жыццё ў раённы і абласны друк. Яго вершы друкаваліся ў раённай газеце “За перамогу камунізму”, у абласной газеце «Гродзенская праўда», у часопісе «Сельская гаспадарка Беларусі». Лепшыя з’яўляліся на старонках літаратурных выданняў, у калектыўных зборніках: “Сцягі і паходні” (Мн.,1965г.), “Ростані волі” (Мн., 1990), “Золак над Шчарай” (Слонім, 1994). Але ўласнага зборніка паэт не дачакаўся.
27 жніўня 1993 года Алеся Сучка не стала. Пахаваны ў вёсцы Азярніца.
У 2012 годзе, дзякуючы намаганням слонімскага краязнаўца Сяргея Чыгрына, у свет выйшаў паэтычны зборнік Алеся Сучка “Захацелася шчасця”, дзе пад адной вокладкай заслужана змясціліся лепшыя грамадска-палітычныя, лірычныя і пейзажныя творы і вершы-прысвячэнні паэта.
У Музеі беларускай кнігі Слонімскай раённай бібліятэкі імя Я. Коласа захоўваюцца падораныя паэтам каштоўныя рукапісы з асабістым подпісам Алеся Сучка.
Па матэрыялам:
1. | Алесь Сучок // Золак над шчарай : [літаратурна-публіцыстычны зборнік членаў Слонімскага літаб’яднання] / Слонімскае літаб’яднанне. – Слонім, 1994. – С. 17. |
2. | Пяткевіч, А. М. Сучок Алесь / А. М. Пяткевіч // Памяць. Слонімскі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. – Мінск, 2004. – С. 650 – 651. |
3. | Пяткевіч, А. М. Сучок Алесь / А. М. Пяткевіч // Беларускія пісьменнікі : бібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 5. – Мінск, 1995. – С. 451 – 452. – Бібліягр.: с. 452. |
4. | Чыгрын, Сяргей. Алесь Сучок. // Чыгрын Сяргей. Родам са Слонімшчыны: літаратурна-краязнаўчыя партрэты / Сяргей Чыгрын. – Слонім-Мінск, 2003. – С. 61 – 65. |
5. | Чыгрын, Сяргей. “І песцілі душу праменні…”. Да 80-годдзя з дня нараджэння беларускага паэта Алеся Сучка (Пятра Навумавіча Дабрыяна) / Сяргей Чыгрын // Слонімскі веснік. – 1996. – 8 кастрычніка. – С. 4. |