База дадзеных "Літаратурная Слонімшчына"

Валянцін Таўлай

Таўлай Валянцін Паўлавіч (1914 – 1947) – беларускі паэт, публіцыст, даследчык літаратуры, перакладчык.

 Валянцін Таўлай – адметная і непаўторная постаць у беларускай літаратуры. У беларускім літаратуразнаўстве за Валянцінам Таўлаем замацаваўся тытул палымянага паэта-рэвалюцыянера. Ён належаў да таго маладога пакалення былой Заходняй Беларусі, якое амаль з дзяцінства было ўцягнута ў рэвалюцыйную барацьбу. І хоць пражыў В. Таўлай толькі трыццаць тры гады, ён пакінуў пасля сябе значную творчую спадчыну.

Нарадзіўся Валянцін Паўлавіч Таўлай 8 лютага 1914 года ў горадзе Баранавічы ў сям’і чыгуначніка. Бацька Валянціна – Павел Дзям’янавіч Таўлай быў родам з вёскі Рудаўка, што на Слонімшчыне. Маці памерла рана. Бацька прывёз шасцігадовага сына ў родную вёску. Бацькаў кут стаў для Валянціна той дзівоснай, незабыўнай краінай маленства, якая яго гадавала, выводзіла ў свет паэзіі і жыцця. Таму паэтычны радок Валянціна Таўлая бярэ свой пачатак і сваю моц з нашай Слонімскай зямлі. Тут, у вёсцы Рудаўка, памершую маці замяняе дзецям бабуля Аўдоцця – простая непісьменная вясковая жанчына. Тым часам Павел Дзям’янавіч уладкоўваецца на працу ў Ліду, каб на заробленыя грошы адбудаваць хату. Сюды ён праз год забірае Валянціна, бо прыйшла пара вучыцца.

Першай навучальнай установай была гарадская польская школа. Вучань ён быў на дзіва здатны, па сваім развіцці на многа апераджаў іншых вучняў. Аднойчы і зусім здзівіў сваіх аднакласнікаў, калі настаўніца выклікала яго да дошкі і зачытала перад усім класам некалькі вершаў, напісаных па-польску. Затым пахваліла і сказала: “Добра, пішы, можа некалі будзеш сапраўдным паэтам”.

У 1924 годзе ўся іх сям’я зноў вяртаецца ў Рудаўку. Валянцін працягвае вучыцца ў польскай школе ў суседняй вёсцы, а бацька яго ўсё больш і больш уцягваецца ў грамадскае жыццё: уступае ў Беларускую сялянска-работніцкую Грамаду, арганізуе сялян на змаганне. Свае погляды, жыццёвыя прынцыпы ён стараецца перадаць старэйшаму сыну Валянціну. Потым была вучоба ў Слонімскай настаўніцкай семінарыі, экзамены ў якую ён здаў на выдатна і нават атрымаў магчымасць вучыцца за казённы кошт.

У 13-гадовым узросце В. Таўлай паступіў у Віленскую беларускую гімназію, дзе вызначыўся як здольны паэт і надзейны сябар. Разам са сваім земляком Анатолем Іверсам яны выдавалі вучнёўскі часопіс “Золак”. Там ён стаў камсамольцам. Вучоба ў Віленскай беларускай гімназіі стала значным перыядам жыцця паэта. Тут ён хутка знаходзіць сваіх аднадумцаў, адразу ж уліваецца ў бурлівае грамадскае жыццё моладзі: уступае ў падпольную камсамольскую арганізацыю, удзельнічае ў дэманстрацыях, распаўсюджвае лістоўкі, піша рэвалюцыйнага зместу вершы. Але да гэтага ён перажыў арышт бацькі ў час раз­грому Грамады. Талент трынаццацігадовага паэта адклікаецца на ўсе гэтыя падзеі вершамі, змест якіх уражвае сваёй даросласцю.

Вярнуўшыся ў вёску Рудаўку, Валянцін працягвае падпольную работу. Але у 1929 годзе ён быў арыштаваны. 10  месяцаў цягнулася следства па справе маладога Таўлая. Дзякую­чы абароне адваката, ён выйшаў на волю. Каб не апынуцца за кратамі ізноў, у кастрычніку 1930 года ён неле­гальна пераходзіць мяжу ў Савецкую Беларусь. Так пачынаецца новы, вельмі важны перыяд яго жыцця і творчасці.

Два гады прыбывання Валянціна Таўлая ў Мінску былі для яго суцэльнай паласой маладога шчасця, кахання, кіпучай працы, вучобы. Семнаццацігадовы юнак быў прыняты на сталую работу ў рэдакцыю газеты “Звязда” – ды не проста пасыльным, а баявым газетчыкам, які пісаў артыкулы, аналізаваў замежную прэсу, чытаў лекцыі аб Заходняй Беларусі.  Асабліва шчаслівы быў Валянцін Таўлай ад магчымасці сустрэч з жывымі класікамі нашай літаратуры: Янкам Купалам, Якубам Коласам і інш. Прыносіла радасць і вучоба ў Белдзяржуніверсітэце. Вялікай падзеяй у жыцці стаў дзень прыняцця ў члены БелАПП – 10 мая 1931 года (Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў).

У снежні 1932 года Таўлая, ужо як члена Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, накіроўваюць на падпольную работу ў Варшаву. Асноўным плёнам яго працы ў тыя гады было выданне легальнай “Беларускай газеты” і згуртаванне вакол яе таленавітай моладзі. Па яго ініцыятыве адбыўся 1-шы з’езд пісьменнікаў Заходняй Беларусі. Але зноў навісла пагроза арышту над Валянцінам Таўлаем. Кіраўніцтва падполля прымае рашэнне вярнуць яго ў Мінск. Але, пераходзячы мяжу, Таўлая зноў арыштоўваць.

3 гэтых першых дзён студзеня 1934 года пачынаецца шматгадовая паласа турэмных мук паэта. За кратамі нараджаліся і новыя вершы. Ва ўмовах, калі не было нават кавалка алоўка паэту даводзілася трымаць свае вершы ў памяці.

А самому Валянціну Таўлаю давялося сустрэць свабоду толькі ў 1939 годзе, калі Заходняя Беларусь імклівым наступам з усходу была далучана да Савецкай Беларусі. Трэба сказаць, што тады, у 1939 годзе, Таўлай нават быў прыгавораны да расстрэлу. І толькі дзякуючы хуткаму пераходу горада Гродна, дзе ён знаходзіўся ў турме, у рукі Чырвонай Арміі, прыгавор не быў прыведзены ў выкананне.

Мірнае жыццё паэта няпоўныя два гады перад Вялікай Айчынный вайной прайшлі ў Лідзе. Сюды, прадаўшы гаспадарку ў вёсцы, перабраўся бацька, таму Валянцін пасля гродзенскага астрогу падаўся бліжэй да цёплага бацькоўскага кута. Там ён пачынае працаваць у раённай лідскай газеце “Уперад”. Але асноўнай яго працай, вельмі напружанай, было ўзнаўленне з памяці свайго паэтычнага набытку, сваіх твораў, якія прасіліся ў свет. Мара аб выданні кнігі вершаў перарастае ў тытанічнўю працу па перагляду, дапрацоўцы твораў напісаных раней. З 1941 года В. Таўлай – член Саюза пісьменнікаў БССР. 3 кожным днём набліжалася здзяйсненне мары…

Але лёс не быў літасцівы да паэта і яго вершаў. Напачатку Вялікай Айчыннай вайны загінулі рукапісы новых твораў, што з’явіліся ў савецкі час. Калі пачалася вайна, Валянцін Таўлай апынуўся на тэрыторыі, акупаванай ворагамі. Дастойна прайшоў ён праз пекла акупацыі, стаў арганізатарам антыфашысцкага падполля на Навагрудчыне, па заданіі партызан стварыў разведальную групу “Буравеснік”, якая перадавала шмат каштоўных звестак камандаванню пра дзейнасць акупантаў. Выступаў з вершамі ў партызанскай прэсе. У верасні 1943 года яго арыштавалі фашысты ў Лідзе разам з бацькам  і мачыхай, да якіх Валянцін зайшоў пераначаваць, вяртаючыся з Вільні. Таўлая вызвалілі з турмы віленскія сябры-паэты. А вось яго родныя былі адпраўлены ў Асвенцім, дзе і загінулі.

Hi на хвіліну паэт не сумняваўся, што вораг будзе разгромлены. Каштоўнасць таўлаеўскіх вершаў ваеннага перыяду ў тым, што ў іх многія падзеі падаюцца праз пачуцці і бачанне чалавека, які быў павінен знаходзіцца ў варожым асяроддзі, бачыць фашысцкія зверствы і з гневам у сэрцы маўчаць.

Вызваленне прыйшло ў ліпені 1944 года. Валянцін Таўлай жыў тады з сям’ёй у Навагрудку.

 

Доўгачаканай была Перамога:

Мы цябе выглядалі з-за шэрых руін,

Воблік светлы твой снілі начамі ў астрогах

I тужылі тугою магіл і краін

Па табе, залатая вясна Перамогі.

 

У першыя пасляваенныя дні В. Таўлай ўзяўся за аднаўленне гарадской друкарні. Працаваў сакратаром рэдактара раённай газеты. З вялікай радасцю прыняў запрашэнне жонкі Янкі Купалы – Уладзіславы Францаўны прыехаць у Мінск і супрацоўнічаць у арганізацыі музея народнага паэта. Таўлай стаў натхнённым шукальнікам купалаўскіх скарбаў, заняўся даследчыцкай работай па творчасці песняра. I ў той жа час рыхтаваў да выдання кнігу сваіх выбраных вершаў “Шляхі і краты”. I яшчэ адна шчаслівая падзея адбываецца ў ягоным жыцці: на свет з’яўляецца дачушка Галінка.

Планы і задумы перакрэслівае хвароба сэрца. Турма, карцэры, галадоўкі падкасілі яго здароўе. Ён пакінуў гэты свет зусім маладым. 27 красавіка 1947 года беларуская літаратура страціла таленавітага і арыгінальнага паэта, публіцыста, даследчыка літаратуры, крытыка, перакладчыка. Пахаваны Валянцін Таўлай у Мінску на вайсковых могілках.

Ужо пасля смерці былі выдадзены некалькі збораў яго вершаў.

Сённ імя Валянціна Таўлая носяць вуліцы ў Баранавічах, Лідзе, Гродна, Слоніме, у вёсках Ганькі і Жыровічы Слонімскага раёна.

У горадзе Баранівічы імя В. Таўлая прысвоена цэнтральнай гарадской бібліятэцы, дзейнічае народны літаратурна-краязнаўчы музей імя В. Таўлая ў сярэдняй школе № 4.

У горадзе Ліда ёсць мемарыяльная дошка на доме, дзе жыў В. Таўлай і мемарыяльны пакой.

У Слонімскім раённым ліцэі існуе літаратурны музей, адна з экспазіцый якога прысвечана жыццю і дзейнасці Валянціна Таўлая.

Ушанавана памяць аб гэтым легендарным чалавеку і ў музеі беларускай кнігі Слонімскай раённай бібліятэкі імя Якуба Коласа. Тут аформлена пастаянна дзеючая экспазіцыя, на якой прадстаўлены зборнікі вершаў паэта, літаратурная крытыка яго творчасці, матэрыялы з перыёдыкі і фотаздымкі з сямейнага архіва В. Таўлая.

Па матэрыялам:

  1. Таўлай Валянцін Паўлавіч // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. / рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш.– Мінск: БелЭн, 2002. – Т. 15. – С. 459.
  2. Таўлай Валянцін Паўлавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. / рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш.– Мінск: БелЭн, 2001. – Т. 6, кн. 1. – С. 513.
  3. Таўлай Валянцін Паўлавіч // Беларускія пісьменнікі біябібліяграфічны слоўнік: у 6 т. / пад рэд. А.В. Мальдзіса. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1995. – Т. 6. – С. 80-84.
  4. Таўлай Валянцін Паўлавіч // Беларускія пісьменнікі (1917-1990): даведнік / склад. А.К. Гардзіцкі. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1994. – С. 538-539.
  5. Башлакоў, М.З. Валянцiн Таўлай / М.З. Башлакоў // Памяць: гiст.-дак. хронiка Лiды i Лiдскага р-на / М.З. Башлакоў. – Мінск, 2004. – C. 162.
  6. Валянцін Таўлай (1914-1947) // Літаратурная карта Берасцейшчыны / укл. А. Крэйдзіч. – Брэст, 2008. – 115 – 119.
  7. Таўлай Валянцiн Паўлавiч [(1914 – 1947)] // Памяць: гiсторыка-дакументальная хронiка Слонiмскага р-на. – Мінск, 2004. – C. 651-652. 34. Чыгрын, С. Валянцін Таўлай і загадкавая Тоня К.: [пра першае каханне паэта Валянціна Таўлая] / С. Чыгрын // Лiтаратура i мастацтва. – – 4 лют. (№5). – С. 13.
  8. Чыгрын, С.М. Слонімскія падмуркі: гісторыкакраязнаўчыя і літаратуразнаўчыя артыкулы / Сяргей Чыгрын; [прадмова Адама Мальдзіса]. – Мінск: Кнігазбор, 2012 – 295 с.

База дадзеных “Літаратурная Слонімшчына” 2018
ДУК “Слонімская раённая бібліятэка імя Я. Коласа”