110 год з дня нараджэння Сяргея Дарожнага
Сяргей Дарожны (Сяргей Міхайлавіч Серада) 1909-1943.
Беларускі паэт
Сяргей Міхайлавіч Серада нарадзіўся 25 лютага 1909 года ў г. Слоніме ў сям’і прапаршчыка царскай арміі. Падчас Першай сусветнай вайны сям’я Серады пакінула родныя мясціны і ў 1915 годзе апынулася ў бежанстве ў Варонежы. Бацьку мабілізавалі ваяваць на фронт, адкуль ён не вярнуўся.
Маці з чатырма дзецьмі ў 1918 годзе вярнулася на Беларусь у вёску Ляскавічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Ва ўмовах пасляваеннага голаду, холаду і разрухі маці было цяжка адной гадаваць сына і трох дочак. Таму старэйшых Сяргея (12 гадоў), Марыю і Надзею яна аформіла ў Мазырскі дзіцячы дом, а з малодшай дачкой засталася жыць у вёсцы.
Тут, у дзіцячым доме, хлопчык-падлетак і пачаў сваю творчую паэтычную сцяжынку.
У 1924 годзе скончыў Мазырскую сямігадовую школу і паступіў у Мінскі беларускі педагагічны тэхнікум, а з трэцяга курса перавёўся на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ.
У адзін з дзён 1925 года юнак прынёс у рэдакцыю газеты “Беларуская вёска” сшытак сваіх вершаў. Загадчык літаратурнага аддзела газеты Кузьма Чорны, праслухаўшы некалькі радкоў з вершаў маладога паэта, быў уражаны творчасцю юнака.пад псеўданімам “Дарожны”. З той пары вершы Сяргея Серады рэгулярна пачалі з’яўляцца ў перыядычным друку.
У 1926 годзе малады паэт быў прыняты ў літаратурнае аб’яднанне “Маладняк”, а потым стаў членам літаратурнага аб’яднання “Узвышша”.
Першы паэтычны зборнік 17-гадовага юнака (у сааўтарстве з Ізраілем Плаўнікам) пад назвай “Звон вясны” выйшаў у 1926 годзе. Пасля былі асобныя паэтычныя зборнікі “Васільковы россып” (1929 г.) і “Пракосы на памяць” (1932 г.).
Малады паэт, студэнт педагагічнага тэхнікума, а пасля – БПУ меў вялікую папулярнасць сярод слухачоў, асабліва сярод моладзі. Падчас сустрэч з чытацкай аўдыторыяй слухачы разам з паэтам чыталі яго вершы.
Галоўнай тэмай паэта Сяргея Дарожнага, як і ўсіх яго сучаснікаў, было новае пераўтварэнне рэспублікі. Паэт славіў гераічныя будні савецкай Беларусі, апісваў хараство Палесся і гаротнасць палешукоў. Каб лепш спазнаць жыццё рабочых, паэт нават нейкі час працаваў на шкляной гуце ў Барысаве. Адтуль ён прывёз у сталіцу новыя творы, дзе ўслаўляў працоўныя будні.
Будучы сынам Заходняй Беларусі, Сяргей Дарожны ў творчых радках выказваў сваё хваляванне за лёс жыхароў роднай Гродзеншчыны, якая апынулася пад уладаў Польшчы:
Быў забітым ты, край мой родны,
Што крывёю палі імжыў,
Але веру – над Вільняй і Гродняй
Шчэ штандар волі будзе кружыць.
Запрашаем больш падрабязней прачытаць біяграфію Сяргея Дарожнага у базе дадзеных “Літаратурная Слонімшчына” !