База дадзеных "Літаратурная Слонімшчына"

Сяргей Новік-Пяюн

Сяргей Новік-Пяюн (Сяргей Міхайлавіч Новік) 1906-1994

Беларускі паэт, празаік

Сяргей Міхайлавіч Новік нарадзіўся 27 жніўня 1906 года ў вёсцы Лявонавічы Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і.

З 1918 па 1924 год вучыўся ў Нясвіжскай рускай гімназіі.

У 1925 – 1926 гг. быў слухачом беларускіх настаўніцкіх курсаў у Вільні, дзе атрымаў званне беларускага настаўніка.

У 1925 годзе ў часопісе “Студэнцкая думка” ўпершыню быў надрукаваны верш пачынаючага паэта пад назвай  “Не бядуй”.

Пасля заканчэння курсаў Сяргей Новік-Пяюн вярнуўся ў родную вёску Лявонавічы, дзе ў 1926 годзе стварыў беларускі народны хор, арганізаваў драматычны тэатр, бібліятэку. Малады настаўнік стварыў гурток Таварыства беларускай школы, заклікаў любіць роднае слова і вучыць дзяцей па-беларуску, за што быў асуджаны польскімі ўладамі і высланы на 5 гадоў у Памор’е ў г. Свеце над Віслай.

Менавіта ў высылцы быў напісаны самы вядомы верш-песня С. Новіка-Пеюна “Зорачкі” (1929).

Пасля вызвалення з высылкі ў сярэдзіне 1931 г. Сяргей Міхайлавіч апынуўся пад наглядам паліцыі ў Слоніме, бо яму было забаронена жыць бліжэй за сто кіламетраў ад тагачаснай польскай мяжы. Тут 25-гадовы юнак сустрэўся з многімі сваімі аднадумцамі, пазнаёміўся з Гальяшом Леўчыкам.

У верасні 1939 года зноў трапіў у Баранавіцкую турму, адкуль быў вызвалены Чырвонай Арміяй. З 1939 года працаваў інспектарам Слонімскага павятовага аддзела народнай  асветы, супрацоўнікам Слонімскага краязнаўчага музея. Вызваленне Заходняй Беларусі ад Польшчы Сяргей Міхайлавіч шчыра вітаў новымі вершамі.

У гады Вялікай Айчыннай вайны Сяргей Міхайлавіч забяспечваў партызан паперай для лістовак, медыкаментамі, распаўсюджваў лістоўкі. За антыфашысцкую дзейнасць ў лістападзе 1943 г. быў арыштаваны слонімскім СД і зняволены ў Калдычэўскі лагер смерці пад Баранавічамі. У канцлагеры Сяргей Міхайлавіч не меў ні паперы, ні алоўка. Але нават ва ўмовах Калдычэва “напісаў” (вывучыў напамяць) 2 вершы: “Прысяга” і “Не гудзе зялёная дубрава”, (верш прысвечаны памяці закатаваных сяброў).

За час, які правёў  Сяргей Новік-Пяюн ў гітлераўскіх турмах, ён стварыў больш за 20 вершаў.

Пасля вызвалення працаваў дырэктарам Слонімскага гісторыка-краязнаўчага музея.

14 снежня 1944 г. па ілжывым даносе без прад’яўлення афіцыйных абвінавачванняў С. Новік-Пяюн быў арыштаваны органамі НКУС і высланы на 10 гадоў на Калыму. Верш “Ноч у камеры”, адзін з самых моцных вершаў паэта, напісаны збалелым ад несправядлівасці сэрцам у маі 1945 года.

З 1953 па 1958 г. горкі лёс кідае Сяргея Міхайлавіча на Якуцкія лесапавалы, шахты, руднікі дзе працуе лесарубам, шахцёрам, драбільшчыкам руды, фельчарам.

У высылцы паэт захапіўся эсперанта (міжнародная мова), арганізаваў гурток для якуцкіх дзяцей у школе пасёлка. Новік-Пяюн – аўтар міжнароднага гімна эсперантыстаў.

 

У 1958 годзе быў рэабілітаваны і  ў 1959 годзе  вярнуўся на Беларусь. Жыў у Слоніме, Нясвіжы, пасля – у Мінску, дзе ў якасці “кампенсацыі” за гады, праведзеныя без віны ў турме, яму выдзелілі аднапакаёвую кватэру ў пяціпавярховым доме на вуліцы Купрыянава, 9.

Вынікам творчага шляху Новіка-Пеюна сталі драматычныя і вершаваныя творы як для дарослых, так і для дзяцей.

З 1927 па 1931 год супрацоўнічаў з віленскім дзіцячым часопісам  “Заранка”, дзе пад псеўданімам “Малады Дзядок” змяшчаў свае вершы, апавяданні, казкі, жарты, п’есы, малюнкі, песні, да якіх сам ствараў музыку, вёў перапіску з юнымі чытачамі, перакладаў творы з рускай, украінскай, польскай і іншых моў.

У 1927 годзе ў Вільні выйшлі з друку п’есы С. Новіка-Пеюна “Ёлка Дзеда Мароза” , “Цудоўная ноч”, “Пакой у наймы”, у 1939 – “Прадка пад крыжам”.

У 1940 – 1941 гадах друкаваўся ў слонімскай раёнай газеце “Вольная праца”. У перыяд жыцця на Калыме вершы і артыкулы Новіка-Пеюна на рускай мове друкаваліся ў газетах “Социалистическая Якутия”, “Молодой коммунист”, “Молодёжь Якутии”, “Северная заря”.

У 1984 годзе С. Новік-Пяюн быў прыняты ў члены СП Беларусі.

С. Новік-Пяюн – аўтар зборніка паэзіі “Заўсёды з песняй” (1984), кніжкі вершаў для дзяцей “Зорачкі ясныя” (1986), зборніка “Песні з-за кратаў” (1993), успамінаў пра Я. Купалу, Г. Леўчыка, Я. Карскага, І. Стаброўскага.

У сваіх паэтычных творах Сяргей Новік-Пяюн пісаў пра перажытае ім у астрогах, лагерах, ссылках. Паэтычныя радкі яго прасякнуты пяшчотай да Бацькаўшчыны, верай у заўтрашні дзень.

Пераклаў на беларускую мову творы А.Пушкіна (“Русалка”), Л.Талстога (“Першы вінакур”), польскую камедыю “Муж у ветлівасці” А. Абрамовіча і Р. Рушкоўскага.

Новік-Пяюн вядомы і як песеннік. Напісаў каля 100 песень (словы і музыка Новіка-Пеюна). Такія песні, як “Зорачкі” і “Над Шчарай” (“Слонімскі вальс”) трапілі ў разрад народных.

Да фільма “Боль мой – Хатынь” (1969), дзе зняўся і сам Новік-Пяюн, ім была напісана песня “Сэрца, не плач!”.

26 жніўня 1994 года сэрца беларускага пісьменніка спынілася.

Па матэрыялам:

  1. Сяргей Новік-Пяюн // Беларускія пісьменннікі (1917-1990) : даведнік. / склад. А. К. Гардзіцкі; нав. рэд. А. Л. Верабей. – Мінск: Мастацкая літаратура, – С. 405 –  406.
  2. Гарэлік, Л. М. Новік-Пяюн Сяргей / Л. М. Гарэлік // Беларускія пісьменнікі: бібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 4: Лазарук – Перкін / Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь; [пад рэд. А. В. Мальдзіса; рэдкал.: І. Э. Багдановіч і інш.]. – Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1994. – 521, [7] с.: партр. – С. 397 – 398.
  3. Пракоф’еў, І. Новік-Пяюн у Слоніме / Ігар Пракоф’еў // Слонімскі веснік. – – 27 верасня. – С. 4.
  4. Чыгрын, С. Слонімскія падмуркі : гісторыка-краязнаўчыя і літаратуразнаўчыя артыкулы / Сяргей Чыгрын. Мінск : Кнігазбор, 2012. – С. 237 – 239.
  5. Новік-Пяюн Сяргей // Анталогія беларускай паэзіі У 3 т. Т. 3 / [Рэдкал. Р. Барадулін і інш.; уклад. А. Мальдзіс і інш.; рэд. і аўтар прадм. Н. Гілевіч]. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1993. – 621, [3] c.: іл. – С. 215.
  6. Марціновіч, А. “Што чуваць, скажыце зоркі, вы мне…” / А. Марціновіч // ЛіМ. – 1989. – 8 снеж (№ 49). С. 14 – 15.
  7. Саламевіч, І. У. Новік-Пяюн / І. У. Саламевіч // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. – Мінск, 1998. – Т. 11. – С. 371.

 

База дадзеных “Літаратурная Слонімшчына” 2018
ДУК “Слонімская раённая бібліятэка імя Я. Коласа”