База дадзеных "Літаратурная Слонімшчына"

Войтка Ірына

Войтка Ірына Антонаўна – педагог, паэтэса, член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2010 года, кіраўнік Слонімскага літаратурнага аб’яднання імя Анатоля Іверса з 2006 года.

Ірына Антонаўна Войтка нарадзілася 23 кастрычніка 1961 г. у вёсцы Каралін Зэльвенскага раёна. У 1979 г. скончыла Каралінскую СШ, у 1984 г. – філалагічны факультэт БДУ. Настаўнічала на Зэльвеншчыне. Шмат гадоў жыве і працуе ў Слоніме.

Паэтычную натуру Ірыны Антонаўны разгледзелі настаўнікі. Яе выбар беларускай філалогіі быў добра асэнсаваным. У Белдзяржуніверсітэце І. Войтка вучылася ў паэтаў і навукоўцаў Алега Лойкі, Максіма Танка, Рыгора Барадуліна, Таццяны Шамякінай.

У юнацтве вершы паэткі друкаваліся ў “Чырвонай змене”, зэльвенскай газеце “Праца”. Потым на старонках газет “ЛіМ”, “Настаўніцкая газета”, “Слонімскі веснік”, “Гродзенская праўда”, у часопісах “Маладосць”, “Роднае слова”, “Пралеска”, дзіцячым часопісе “Вясёлка”, у калектыўных зборніках паэзіі “Золак над Шчарай” (1994), «Паэтычная Слонімшчына» (2000), «Пад гукі паланэза» (2005), «Зоры над Зяльвянкай» (2008), у літаратурных альманахах Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі “На Нёманскай хвалі” і ў іншых выданнях.

Творы паэтэсы уключаны ў хрэстаматыю для старшакласнікаў “Сэрцам роднага слова краніся” (Мінск, “Народная асвета”, 1998), у зборнік гістарычнай літаратуры “Бацькаўшчына” (Мінск, “Юнацтва”, 2005).

І. Войтка выдала дзве кнігі паэзіі: “Спасціжэнне” (2003), “Пагляджу вачамі неба” (2010).

Вершы паэтэсы перакладаліся на рускую і ўкраінскую мовы.

Творчасць слонімскай паэткі Ірыны Войтка даўно знаёма аматарам паэзіі. Тэматыка яе твораў разнастайная: аб роднай прыродзе, прыгажосці і вечнасці жыцця, аб продках і маці, аб духоўнасці і вечных ісцінах. Яе творчасць ўражвае багаццем вобразаў, што бяруць свой пачатак з той моцнай унутранай крыніцы мастака, у якой з’ядналіся натхненне, яе асабістыя эмацыянальныя адчуванні, захапленні, уражанні. Лірычная жаночая душа, умела выкарыстоўваючы тонкія пачуцці, заварожвае любоўю да прыроды роднага краю, прымушае суперажываць разам з ёю, гаворачы пра каханне, навівае прыемны роздум, разважаючы аб жыцці і чалавечым шчасці. Ірына Антонаўна – паэт-псіхолаг. Яна ўмее ўпраўляць людскімі пачуццямі. Раскрываючы перад чытачом сваю душу, яна падпарадкоўвае сабе ягоную.

Асобнае месца ў творчасці I. Войткі займае патрыятычная тэма. Творы паэткі спрыяюць адраджэнню духоўнасці, выхаванню грамадзяніна і патрыёта, які паважае і шануе традыцыі свайго народа, ганарыцца яго духоўнай культурай, сваёй Радзімай. Ірына Антонаўна вядзе вялікую работу па папулярызацыі роднага слова, беларускіх аўтараў. Выступае з вершамі ў бібліятэках, школах і іншых навучальных установах, ў працоўных калектывах. Паэтка закахана ў беларускую мову, гэта для яе найвялікшы скарб. У 2011 годзе да 50-гадовага юбілея паэтэсы Слонімская раённая бібліятэка імя Я. Коласа выдала невялікі зборнік яе вершаў, прысвечаных роднай мове і Беларусі “Спадчыны роднае слова” (Слонім, 2011).

О, роднае слова,

Ты люба і міла,

Ты сэрца сабою

Маё паланіла.

Як ты зразумела,

І шчыра, і блізка –

Матуля, сцяжынка,

Вясёлка, калыска…

З 2006 года І. Войтка кіруе Слонімскім літаратурным аб’яднаннем імя Анатоля Іверса. Аб’яднанне праводзіць работу з моладдзю па захаванню і папулярызацыі беларускай мовы і культуры. Сюды прыходзяць і далучаюцца людзі, каб наталіць душу хараством і веліччу Слова, каб несці святло і дабрыню па жыцці.

І. А. Войтка з 2002 г. загадчык дзяржаўнай установы адукацыі «Яслі-сад № 3 г. Слоніма», які працуе ў накірунку рэалізацыя адукацыйнай мадэлі «Этнасад». Укараніла ў работу ўстановы тэхналогіі развіваючага навучання для вывучэння роднай мовы ў дашкольнікаў. Стварыла ў садку этнаграфічны музей. У 2003 г. яслі-сад № 3 г. Слоніма заняў 3 месца ў вобласці ў конкурсе беларускамоўных дашкольных устаноў «Зорачка». Вопыт работы калектыву прэзентаваўся ў навукова-метадычным часопісе «Пралеска».

У 2014 годзе Ірына Антонаўна ўзнагароджана Ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта за значныя дасягненні ў літаратурна-творчай і грамадска-культурнай дзейнасці.