База дадзеных "Літаратурная Слонімшчына"

write your detail or leave blank

Руцкая Алена

Алена Руцкая (Алена Вітальеўна Руцкая) – паэтэса, член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1985 года, літаратуразнавец, метадыст. Выдатнік народнай асветы Беларусі, заслужаная настаўніца Беларусі (1987), вядучы спецыяліст у галіне выкладання беларускай літаратуры і рыторыкі, перакладчык. Дацэнт кафедры беларускай літаратуры ГрДУ імя Я. Купалы. Жыве ў г. Гродна.

 Алена Вітальеўна Руцкая нарадзілася 11 студзеня 1950 года ў вёсцы Дзякаўцы Шчучынскага раёна  Гродзенскай вобласці ў сям’і служачых. Чытаць навучылася вельмі рана, у 5-гадовым узросце. Напэўна, таму першыя вершы будучай паэтэсы пачалі з’яўляцца яшчэ ў малодшым узросце. У 1961 годзе сям’я Руцкіх пераехала ў г. Слонім, у пасёлак Альбярцін. У 1966 годзе закончыла сярэднюю школу № 7 і паступіла на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Па словах паэтэсы, выбар будучай прафесіі быў невыпадковым. Гэта працяг дынастыі: дзядуля будучай паэткі працаваў загадчыкам дзіцячага дома, маці была настаўніцай.

Вучоба ў БДУ прыйшлася на той час, калі там выкладалі такія майстры слова, як прафесар Ларчанка М. Р., Ніл Гілевіч, Іван Навуменка, Вячаслаў Рагойша, Алег Лойка і іншыя знакамітыя асобы. У той жа час ва ўніверсітэце дзейнічала літаратурнае аб’яднанне “Узлёт” (кіраўнік Алег Лойка), якое аб’ядноўвала як крытыкаў, так і літаратараў. “Узлётаўцы” наведвалі Саюз пісьменнікаў Беларусі, дзе прысутнічалі на  імпрэзах і творчых вечарынах, пасля абмяркоўвалі пачутае. Акрамя гэтага, была магчымасць выступаць з уласнымі творамі перад навучэнцамі школ, працоўнымі.

Вершы пачала пісаць у 1 класе. Упершыню надрукавалася ў 1964 годзе ў часопісе “Бярозка”, у 1966 годзе – ў газеце Голас Радзімы”. Падборкі вершаў змяшчаліся ў зборніках “Свет вачыма дзяцей”, “Напісалі кнігу самі”, “Натхненне”, “Універсітэт паэтычны”.

У 1971 годзе паэтэсе пашанцавала пабываць на фестывалі маладых літаратараў з усяго Савецкага Саюза ў Ерэване. Фестываль, па словах Алены Руцкай, стаў штуршком да перакладчыцкай дзейнасці. І сёння яна перакладае творы з украінскай і рускай моў на беларускую.

Пасля заканчэння БДУ (у 1971 годзе) Алена Руцкая працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў Сценявіцкай васьмігадовай школе Слонімскага раёна, у Судзільскай сярэдняй школе Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці, у Сянькоўшчынскай сярэдняй школе Слонімскага раёна. З 1977 года па 1992 год – настаўнічала ў “Сярэдняй школе № 2 г. Слоніма”, дзе, па словах Алены Руцкай, усіх іх “…натхняла на працу і творчасць Людміла Антонаўна Клімовіч. І тое, што я ў 1987 годзе стала заслужанай настаўніцай – гэта і яе заслуга” (з тэлефоннай размовы Сяргея Чыгрына з паэтэсай, 1999 г.).

З 1977 года пачала друкаваць рэцэнзіі, нарысы на маральна-педагагічныя тэмы, артыкулы па выкладанню беларускай мовы і літаратуры ў школе. У 1982 годзе Алене Руцкай было прысвоена званне “Выдатнік народнай асветы”.

З 1985 года – член Саюза пісьменнікаў Беларусі.  У 1987 годзе “Заслужаны настаўнік Беларусі”. З 1992 года жыве ў г. Гродна. Працуе выкладчыкам на кафедры беларускай літаратуры ў Гродзенскім дзяржаўным ўніверсітэце імя Янкі Купалы, выкладае методыку беларускай літаратуры і  рыторыку. Супрацоўнічае з абласным інстытутам удасканалення настаўнікаў.

У сваім жыцці Алена Руцкая нібы вядзе паралельна дзве адметныя лініі, якія ўдала пераплятаюцца: паэтычная творчасць і выкладчыцкая дзейнасць. Аўтар паэтычных зборнікаў  “Сцяжыны” (1983), “Роздум” (1988), калектыўных зборнікаў паэзіі, вершаў і загадак для дзяцей. Вершы паэтэсы кранаюць лірызмам, апавядальнасцю, вытанчаннасцю. У паэзіі спрабуе знайсці адказ на шматлікія пытанні, якія ставіць перад чалавекам час:

Жыццё пражыць – не поле перайсці.
Жыццё пражыць – сваё засеяць поле.

 Як зазначае літаратуразнавец Пятро Маляўка, яе творы – “эстэтычнае сцвярджэнне народных маральна-этычных каштоўнасцей, паэтызацыя пачаткаў народнага жыцця”.

Алена Руцкая – адна з слонімскіх паэтаў, якая найбольш яскрава адлюстравала горад Слонім у сваіх творах:

 

У маладзіковым чоўне вечар
Наплывае ціха на сады.
І здаецца, чутны ў шэпце вецця
Паланез Агінскага тады.

“Паланез Агінскага”.

Алена Руцкая цудоўна валодае гумарыстычным словам. Яе вершаваным гумарэскам, сатырычным вершам і байкам характэрны дасціпны гумар, шматзначны сэнс, лёгкасць успрымання. Многія творы паэтэсы перакладзены на рускую, украінскую, польскую, армянскую, туркменскую і іншыя мовы.

Педагагічнае майстэрства Алены Вітальеўны высока ацэнена ўзнагародамі, прызнаннем калег, настаўнікаў. Педагагічны вопыт заслужанай настаўніцы Беларусі і сёння запатрабаваны ў школах Беларусі і Польшчы, ў вышэйшых навучальных установах Беларусі. Алена Руцкая з’яўляецца адным з вядучых спецыялістаў у галіне методыкі выкладання літаратуры і рыторыкі. Выкладчыкам роднай мовы адрасаваны яе шматлікія выданні: навукова-метадычных дапаможнікаў  “Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў школе” (1999), “Пазакласная праца па беларускай літаратуры ў школе” (2000), “Методыка выкладання беларускай літаратуры: дапаможнік для студэнтаў” (2004, у сааўтарстве), “Беларуская літаратура ў школьным выкладанні” (2006, у сааўтарстве), метадычны дапаможнік  “Пад ветразем спасціжэння і творчасці” (2010, у сааўтарстве), метадычныя выданні “Беларуская літаратура: зборнік творчых заданняў” (5-9, 9-10 кл., 2012 г., у сааўтарстве), “Падвіжніца педагагічнай справы. Літаратурнае краязнаўства” (2013, у сааўтарстве). Аўтар шматлікіх публікацый. Паралельна Алена Вітальеўна рэдагуе падручнікі для беларускамоўных класаў Польшчы. Аўтар электронных дапаможнікаў па беларускай літаратуры для 5-10 класаў.

Алена Вітальеўна з’яўляецца членам журы абласных і рэспубліканскіх алімпіяд. На вершы паэтэсы кампазітар Алег Пяткун напісаў гімн алімпіяды, які ўжо некалькі гадоў натхняе творчую моладзь:

Плыві,плыві ладдзя аліпіяды,

Пад ветразямі ведаў праз гады.

Няхай навукі вабяць далягляды

Таленавітых, творчых, маладых!

Сёння Алена Вітальеўна — дацэнт кафедры беларускай літаратуры ГрДУ імя Янкі Купалы, лiтаратуразнавец, метадыст, лiтаратурны крытык, заслужаны настаўнiк Беларуci, выдатнік асветы, паэтэса, член СПБ, сябра рэдакцыйнай рады часопіса “Беларуская мова і літаратура”.

Па матэрыялам:

1. Руцкая, А. Алімпіядка. Загадкі / Алена Руцкая // На Нёманскай хвалі: Літаратурны альманах. № 5. – Гродна: Гродзенская друкарня, 2016. – С. 150 – 151.
2. Руцкая, А. Метамарфозы. Трыялет. Па гулкіх праспектах нясецца скразняк… / Алена Руцкая, уклад. Ю. У. Голуб // Галасы: штогоднік. № 3. – Гродна: Рэдакцыя газеты “Гродзенская праўда”,  2004. – С. 161 – 162.
3. Руцкая, А. Першая сустрэча / Алена Руцкая // Слонімскі веснік. – 2018. – № 69 – 70. – (13 чэрвеня).
4. Руцкая, А. Роздум: вершы, паэма / Алена Руцкая. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1988. – 94 с.
5. Руцкая, А. Трыялеты. Па гулкіх праспектах нясецца скразняк… Санет. Час. Праверка (байка). Выратавальныя сінонімы. Здзівіў. У чужым воку парушынка (па матывах прымавак) / Алена Руцкая // На Нёманскай хвалі: Літаратурны альманах. № 1. – Гродна: Гродзенская друкарня, 2009. – С. 86 – 89.
6. Чарныш, А. З любоўю – да Алены Руцкай / Аліна Чарныш // Слонімскі веснік. – 2018. – № 72 – 73. – (20 чэрвеня).

 

База дадзеных “Літаратурная Слонімшчына” 2018
ДУК “Слонімская раённая бібліятэка імя Я. Коласа”