Сяргей Дарожны (Сяргей Міхайлавіч Серада) 1909-1943
Беларускі паэт
Сяргей Міхайлавіч Серада нарадзіўся 25 лютага 1909 года ў г. Слоніме ў сям’і прапаршчыка царскай арміі. Падчас Першай сусветнай вайны сям’я Серады пакінула родныя мясціны і ў 1915 годзе апынулася ў бежанстве ў Варонежы. Бацьку мабілізавалі ваяваць на фронт, адкуль ён не вярнуўся.
Маці з чатырма дзецьмі ў 1918 годзе вярнулася на Беларусь у вёску Ляскавічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Ва ўмовах пасляваеннага голаду, холаду і разрухі маці было цяжка адной гадаваць сына і трох дочак. Таму старэйшых Сяргея (12 гадоў), Марыю і Надзею яна аформіла ў Мазырскі дзіцячы дом, а з малодшай дачкой засталася жыць у вёсцы.
Тут, у дзіцячым доме, хлопчык-падлетак і пачаў сваю творчую паэтычную сцяжынку.
У 1924 годзе скончыў Мазырскую сямігадовую школу і паступіў у Мінскі беларускі педагагічны тэхнікум, а з трэцяга курса перавёўся на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ.
У адзін з дзён 1925 года юнак прынёс у рэдакцыю газеты “Беларуская вёска” сшытак сваіх вершаў. Загадчык літаратурнага аддзела газеты Кузьма Чорны, праслухаўшы некалькі радкоў з вершаў маладога паэта, быў уражаны творчасцю юнака. У хуткім часе самыя лепшыя творы нашага земляка былі надрукаваны на старонках газеты пад псеўданімам “Дарожны”. З той пары вершы Сяргея Серады рэгулярна пачалі з’яўляцца ў перыядычным друку.
У 1926 годзе малады паэт быў прыняты ў літаратурнае аб’яднанне “Маладняк”, а потым стаў членам літаратурнага аб’яднання “Узвышша”.
Першы паэтычны зборнік 17-гадовага юнака (у сааўтарстве з Ізраілем Плаўнікам) пад назвай “Звон вясны” выйшаў у 1926 годзе. Пасля былі асобныя паэтычныя зборнікі “Васільковы россып” (1929 г.) і “Пракосы на памяць” (1932 г.).
Малады паэт, студэнт педагагічнага тэхнікума, а пасля – БПУ меў вялікую папулярнасць сярод слухачоў, асабліва сярод моладзі. Падчас сустрэч з чытацкай аўдыторыяй слухачы разам з паэтам чыталі яго вершы.
Галоўнай тэмай паэта Сяргея Дарожнага, як і ўсіх яго сучаснікаў, было новае пераўтварэнне рэспублікі. Паэт славіў гераічныя будні савецкай Беларусі, апісваў хараство Палесся і гаротнасць палешукоў. Каб лепш спазнаць жыццё рабочых, паэт нават нейкі час працаваў на шкляной гуце ў Барысаве. Адтуль ён прывёз у сталіцу новыя творы, дзе ўслаўляў працоўныя будні.
Будучы сынам Заходняй Беларусі, Сяргей Дарожны ў творчых радках выказваў сваё хваляванне за лёс жыхароў роднай Гродзеншчыны, якая апынулася пад уладаў Польшчы:
Быў забітым ты, край мой родны,
Што крывёю палі імжыў,
Але веру – над Вільняй і Гродняй
Шчэ штандар волі будзе кружыць.
У той час у краіне абвастрылася палітычная атмасфера, узрос недавер і падазронасць да інтэлігенцыі. “За сокрытие социального происхождения» Сяргея Дарожнага выключылі з універсітэта. Але ён сумеў аднавіцца і ў
Працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх газет, стыльрэдактарам часопіса «Работніца і сялянка Беларусі».
Плённа займаўся паэтычнай творчасцю. У 1932 годзе выйшаў з друку трэці паэтычны зборнік “Пракосы на памяць” .
Пераклаў на беларускую мову творы рускіх пісьменнікаў: раман Г. Караваевай “Лесазавод”, вершы Э. Багрыцкага, С. Кірсанава, А. Твардоўскага, І. Уткіна, І. Хворыка, апавяданні У. Караленкі і інш.
У 1934 годзе стаў членам Саюза пісьменнікаў БССР, але ўжо ў 1935 годзе па прапанове паэта Андрэя Александровіча быў выключаны.
Атрымаў заданне напісаць кнігу пра першага сакратара ЦК КП(б)Б Міколу Гукалу. Сяргей Дарожны адказна прыняўся за работу: збіраў матэрыялы, гутарыў з героем.
Адначасова паэт рыхтаваў да друку свой чацвёрты зборнік паэзіі, якому так і не ўдалося выйсці ў свет. 29 жніўня 1936 года на кватэры ў Мінску на Першым беларускім завулку, 3А, дзе пражываў Дарожны, органы НКУС БССР арыштавалі паэта па абвінавачванні ў падрыхтоўцы замаху на Гікалу.
5 кастрычніка 1937 года выязная сесія Ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР прыгаварыла Сяргея Дарожнага да 8 гадоў пазбаўлення волі ў канцэнтрацыйных лагерах. Пакаранне адбываў на Далёкім Усходзе, будаваў Камсамольск-на-Амуры. Прабіваў трасу праз горы і тайгу.
Там, у Ніжне-Амурскім канцэнтрацыйным лагеры ў 1943 годзе паэт заўчасна загінуў, не дачакаўшыся вызвалення. Яму было тады толькі 34 гады.
Па хадайніцтву сястры паэта Надзеі Міхайлаўны Юшкевіч Сяргей Дарожны ў 1954 годзе быў пасмяротна рэабілітаваны і ўзноўлены ў Саюзе пісьменнікаў.
Якую спадчыну паспеў пакінуць пасля сябе навечна малады паэт, адзін з сотняў тысяч раструшчаных у лагерны пыл?
Тры прыжыццёвыя кніжачкі вершаў :
• “Звон вясны”,
• “Васільковы россып”,
• “Пракосы на памяць”.
Праз доўгі час пасля смерці Дарожнага пад рэдакцыяй Максіма Лужаніна ў 1966 годзе выйшла кніга “Выбраныя вершы”, пад вокладкай якой сабрана лепшае з напісанага паэтам за нядоўгі перыяд яго літаратурнай творчасці.
Віртуальнае падарожжа па старонках творчасці
Па матэрыялам:
1. | Багдановіч, І. Э. Дарожны Сяргей / І. Э. Багдановіч, А. А. Майсейчык // Беларускія пісьменнікі: бібліяграфічны слоўнік. У 6 т. – Мінск, 1993. – Т. 2. – С. 329. |
2. | Бечык, В. Л. Дарожны Сяргей Міхайлавіч / В. Л. Бечык // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва. У 5 т. – Мінск, 1985. – Т. 2. – С. 273. |
3. | Буцько, Лідзія. Трагічны лёс паэта / Лідзія Буцько // Слонімскі веснік. – 2004. – 24 лютага. – С. 4. |
4. | Дарожны Сяргей Міхайлавіч // Памяць. Слонімскі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. – Мінск, 2004. – С. 644. |
5. | Дарожны Сяргей Міхайлавіч // Культура беларусі. – У 6 т. – Мінск, 2012. – Т. 3. – С. 365 – 366. |
6. | Жыбуль, Віктар. Хто сеяў словаў шчырых жменю? / Віктар Жыбуль // Роднае слова . – 2011. – № 2. – С. 17 – 19. |
7. | Рублевская, Людмила. “Адзін, як месяц…” Штрихи к портрету Сергея Дорожного / Людмила Рублевская // СБ. Беларусь сегодня. – 2009. – 16 мая. – С. 23. |
8. | Саламевіч, І. У. Дарожны Сяргей Міхайлавіч / І. У. Саламевіч // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. – Мінск, 1998. – Т. 6. – С. 56. |
9. | Сяргей Дарожны: бібліяграфічны паказальнік / Аддзел культуры Слонімскага райвыканкама Гродзенскай вобласці, Слонімская цэнтральная раённая бібліятэка імя Я. Коласа; складальнік Л. І. Буцько, рэдактар Р. А. Тырля, адказны за выпуск Л. У. Рэпінская. – Слонім, 2006. – 8 с., [1] л. партр. – (Радзімазнаўства; цыкл «Славутыя імёны Слонімшчыны»). |
10. | Чыгрын, Сяргей. Спрабаваў словы на сэрцы / Сяргей Чыгрын // Слонімскі веснік. – 1994. – 26 лютага. |