База дадзеных "Літаратурная Слонімшчына"

Іван Сяргейчык

Сяргейчык Іван Лук’янавіч (1949 – 2006 гг.) – празаік, паэт, публіцыст, член Саюза беларускіх пісьменнікаў (1995 г.)

 Іван Лук’янавіч Сяргейчык нарадзіўся ў вёсцы Вострава на Зэльвеншчыне 17 жніўня 1949 года. Там і прайшло яго дзяцінства.

Пісаць вершы пачаў яшчэ ў трэцім класе, калі вучыўся ў Пустаборскай пачатковай школе. А праз два гады ўжо ў 5 класе Галынкаўскай сярэдняй шко­лы аднойчы на ўроку беларускай мовы настаўніца Аляксандра Сцяпанаўна Цвікевіч убачыла лісток паперы, на якім быў напісаны верш “Ручэй”. “Гэта яе заслуга, – гаворыць Іван Лук’янавіч, – што я сёння пішу, што ўлюблёны ў роднае слова, у родныя, блізкія і дарагія сэрцу краявіды”.

Іван Сяргейчык скончыў Слонімскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча. Працаваў на будаўніцтве дарог у Сярэдняй Азіі.

З 1968 г. да 1990 г. служыў ў радах Савецкай Арміі. Выконваў інтэрнацыянальны абавязак у складзе абмежаванага кантынгенту Савецкіх войск у Афганістане (1981 – 1983 гг. і 1989 г.). Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі.

Уваходзіў у Саюз беларускіх пісьменнікаў (1995 г.).

Першы верш “Перед революцией” быў надрукаваны ў Слонімскай раённай газеце “За перамогу камунізму” у 1972 годзе. Творы І. Сяргейчыка друкаваліся ў абласных і рэспубліканскіх перыядычных выданнях, раённых газетах “Слонімскі веснік”, “Праца” (г. п. Зельва), ў калектыўных паэтычных зборніках “Пад гукі Паланеза”, “Золак над Шчарай”, “Зоры над Зальвянкай”.

У бібліятэчцы часопіса “Маладосць” за 1991 г.  № 3 выйшла першая кніжка прозы І. Сяргейчыка – “Горкі пыл Гіндукуша” (Афганскі дзённік). Пісаць пачаў Іван Лук’янавіч свой дзённік на самым пачатку “афганскай вайны”, аб якой тады яшчэ мала хто і ведаў. У ім аўтар паспрабаваў асэнсаваць падзеі тых гадоў. Пісьменнік-“афганец” Іван Сяргейчык у Беларусі тады быў першы аўтар – удзельнік інтэрнацыянальнай вайны, не па выхаду кнігі, а па часе яе напісання. Афганскі дзённік – гэта шчырая споведзь воіна-інтэрнацыяналіста, які двойчы пабываў на палітай крывёю зямлі.

У 2006 годзе выйша яшчэ адна кніга І. Сяргейчыка, якую аўтар прысвяціў ўсім воінам-афганцам – зборнік аповесцяў і апавяданняў “Без права на літасць”.

 

“Как часто нас мучает боль

Неутихшей афганской войны –

Бурлящий поток,

Минометные вспышки

с другой стороны…

Мне врезалась в память

Дырявая фляжка, последний глоток,

Который твой друг,

От себя отрывая, мальчишке сберег…”

 

Такія радкі напісаў Іван Лук’янавіч Сяргейчык у сваім вершы “Памяць”.

Пасля службы ў арміі Іван Сяргейчык працаваў у Слонімскай друкарні загадчыкам гаспадаркі, у рэдакцыі газеты “Слонімскі веснік”, у цэнтры пазашкольнай навучальнай работы “Скарбніца”, дзе кіраваў літаратурным гуртком.

У 2005 годзе І. Сяргейчык выдаў зборнік аповядаў “Сцяжынка школьная мая…” пра адораных і таленавітых дзяцей Слонімшчыны. Героямі кнігі сталі школьнікі – лепшыя вучні школ раёна: пераможцы конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў, раённых, абласных, рэспубліканскіх алімпіяд  па вучэбных прадметах, юныя літаратары, спевакі, музыканты, танцоры. У малых літаратурных жанрах аўтар паспрабаваў раскрыць характары таленавітых падлеткаў, паказаць невымяральную роль педагогаў у выхаванні моладзі.

Многія школьнікі ведалі Івана Лук’янавіча не толькі як таленавітага пісьменніка, але і як разумнага, спагадлівага чалавека, заўсёды гатовага дапамагчы, падзяліцца вопытам. Ён умеў натхніць дзяцей на творчасць, паверыць у свае сілы. І. Сяргейчык неаднаразова бываў у школах горада, выступаў на ўрачыстых лінейках.

У 2002 годзе Іван Лук’янавіч быў абраны кіраўніком літаратурнага аб’яднання імя Анатоля Іверса. Так ён  здолеў аб’яднаць людзей сталага веку і творчую моладзь Слонімшчына, а таксама захаваць памяць пра паэта-земляка Анатоля Іверса, надаўшы яго імя літаратурнаму аб’яднанню. Па ініцыятыве І. Сяргейчыка выдадзены ў Слонімскай друкарні літаратурна-публіцыстычны зборнік членаў Слонімскага літаб’яднання “Золак над Шчарай” (1994) і літаратурны альманах “Пад гукі паланэза” (2005), у якіх сабраны творы мясцовых літаратараў.

Івана Сяргейчыка не стала 16 чэрвеня 2006 года.

Па матэрыялам:

 

1.       Войтка, Ірына. Сцяжынка школьная мая – ты стань шырокаю дарогай / Ірына Войтка // Слонімскі веснік. – 2005. – 19 кастрычніка. – С. 14.
2.       Войтка, Ірына. Яго любілі ўсе / Ірына Войтка // Літаратура і мастацтва. – 2006. – № 30. – 28 ліпеня. – С. 15.
3.       Іван Сяргейчык: бібліяграфічны паказальнік / Слонімская цэнтральная бібліятэка імя Якуба Коласа. – Слонім, 2004. – [9] с. – (Радзімазнаўства; Цыкл «Славутыя імёны Слонімшчыны»).
4.       Літаратурная старонка памяці Івана Сяргейчыка // Слонімскі веснік. – 2006. – 8 жніўня. – С. 3.
5.       Марціноўскі, П. Іван Сяргейчык / П. Марціноўскі // Праца. – 1989. – 23 лютага. – С. 3.
6.       Марціноўскі, П. Першая кніга земляка / П. Марціноўскі // Праца. – 1991. – 9 мая.
7.       Прокофьев, Игорь. Последний бой Ивана Лукьяновича / Игорь Прокофьев // Слонімскі веснік. – 2009. – 19 жніўня. – С. 11.
8.       Саламаха, У. П.  З першапраходцаў “афганскай” тэмы / У. П. Саламаха // Званыя і выбраныя: кніга літаратурнай публіцыстыкі і рэцэнзій / У. П. Саламаха. – Мінск, 1999. – С. 125 – 126.
9.       Саламаха, Уладзімір. Застаўся назаўсёды чалавекам… / Уладзімір Саламаха // Літаратура і мастацтва. – 2006. – № 30. – 28 ліпеня. – С. 15.
10.   Сяргейчык Іван Лук’янавіч // Памяць. Слонімскі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. – Мінск: БЕЛТА, 2004. – С. 651.

 

База дадзеных “Літаратурная Слонімшчына” 2018
ДУК “Слонімская раённая бібліятэка імя Я. Коласа”